Жыццё маладой царквы. Ацаленне кульгавага ад улоння маці
Дзеі 3 разьдзел
1 Пётар жа і Ян ішлі разам у сьвятыню а дзявятай гадзіне малітвы. 2 І нейкі чалавек, кульгавы ад чэрава маці сваёй, якога насілі і кожны дзень лажылі ля дзьвярэй сьвятыні, называных Прыгожымі, прасіць міласьціну ў тых, якія ўваходзяць у сьвятыню, 3 убачыўшы Пятра і Яна, што меліся ўвайсьці ў сьвятыню, прасіў у іх міласьціны. 4 А Пётар, які з Янам углядаўся на яго, сказаў: «Паглядзі на нас». 5 Ён жа ўзіраўся на іх, чакаючы нешта ад іх узяць. 6 А Пётар сказаў: «Срэбра і золата няма ў мяне. А што маю, тое даю табе: у імя Ісуса Хрыста з Назарэту ўстань і хадзі!» 7 І, узяўшы яго за правую руку, падняў. І адразу ўмацаваліся ногі і косткі ягоныя, 8 і ён, падскочыўшы, стаў, і хадзіў, і ўвайшоў з імі ў сьвятыню, ходзячы, і скачучы, і хвалячы Бога. 9 І ўвесь народ бачыў яго, як хадзіў і хваліў Бога. 10 І пазналі яго, што ён быў той, які дзеля міласьціны сядзеў ля Прыгожых дзьвярэй сьвятыні; і напоўніліся страхам і зьдзіўленьнем ад таго, што здарылася з ім. 11 А як аздароўлены кульгавы трымаўся Пятра і Яна, увесь народ у здуменьні прыбег да іх у прысенак, называны Салямонавым.