Прыпавесьць, якая месьціць у сябе ўсю кальвінскую навуку (пра вясельнае адзеньне)
1 І, адказваючы, Ісус зноў гаварыў з імі ў прыповесьцях, кажучы: 2 «Валадарства Нябеснае падобнае да чалавека валадара, які справіў вясельле для сына свайго. 3 І ён паслаў слугаў сваіх клікаць пакліканых на вясельле; і тыя не хацелі прыйсьці. 4 Зноў паслаў ён іншых слугаў, кажучы: “Скажыце пакліканым: Вось, я падрыхтаваў бяседу маю, валы мае і, што ўкормлена, зарэзаны, і ўсё падрыхтавана. Прыходзьце на вясельле”. 5 А яны, ня дбаючы пра тое, пайшлі, хто на поле сваё, а хто да гандлю свайго. 6 А іншыя, узяўшы слугаў ягоных, зьняважылі іх і забілі. 7 Пачуўшы пра гэтае, валадар загневаўся і, паслаўшы жаўнераў сваіх, выгубіў забойцаў тых, і горад іхні спаліў. 8 Тады кажа ён слугам сваім: “Сапраўды, вясельле падрыхтаванае, але пакліканыя не былі вартыя. 9 Дык пайдзіце на ростані дарог і ўсіх, каго знойдзеце, клічце на вясельле”. 10 І слугі тыя, выйшаўшы на дарогі, сабралі ўсіх, каго толькі знайшлі, злых і добрых; і на вясельлі было поўна гасьцей. 11 Увайшоўшы ж пабачыць тых, што ўзьлягалі, валадар убачыў там чалавека, не апранутага ў вясельнае адзеньне, 12 і кажа яму: “Дружа, як ты ўвайшоў сюды, ня маючы вясельнага адзеньня?” Той жа маўчаў. 13 Тады сказаў валадар слугам: “Зьвязаўшы яму рукі і ногі, вазьміце яго і ўкіньце ў цемру вонкавую; там будзе плач і скрыгат зубоў. 14 Бо шмат пакліканых, але мала выбраных”».
Мацьвея, 22 глава — Библия — Пераклад Антонія Бокуна: https://bible.by/bbb/40/22/
